16+
26 сентября
...
прогноз на 5 дней
11 oC переменная облачность
доллар евро рубль РФ
Несвиж
Праздник !!!

Магія чытання і не толькі: у Нясвіжы прайшла “Бібліяноч-2022”

21.09.2022 18:36
5
0
Автор
Святлана Польская
Увечары 15 верасня, у Дзень бібліятэк, для наведвальнікаў усіх узростаў свае дзверы адчыніла Нясвіжская цэнтральная раённая бібліятэка імя Паўлюка Пранузы. Тут адбылася штогадовая акцыя “Бібліяноч-2022”.

Тэмай дзясятай юбілейнай акцыі сталі бібліятэчныя хіты, якія карыстаюцца найбольшай папулярнасцю ў чытачоў. Да іх належаць і кнігі ў жанры фэнтэзі. Некаторыя лічаць, што хутка ён вычарпае сябе. Тым не менш, кожны год выходзяць дзясяткі кніг у стылі фэнтэзі, якія карыстаюцца попытам у чытачоў.

У гэты восеньскі вечар гасцей і жыхароў нашага горада чакала вельмі разнастайная праграма. У фае бібліятэкі для гасцей была аформлена фотазона, на фоне якой удзельнікі мерапрыемства маглі сфатаграфавацца або зрабіць сэлфі на памяць аб незабыўных хвілінах, якія правялі ў нас у гасцях. Увазе чытачоў была прадстаўлена кніжная выстава “Краіна магіі і чараўніцтва”. Гульнявая пляцоўка “Калейдаскоп весялосці” дала магчымасць праявіць свае спрыт, трап- насць, лагічнае мысленне. Для знаўцаў і аматараў кнігі праводзілася бібліялато. Жадаючых выпрабаваць свае веды ў галіне літаратуры аказалася нямала. Пераможцаў чакалі прызы.
Мерапрыемства адкрыў відовішчны флэш-моб “Горад з кнігай”, які гледачам прадставіў танцавальны калектыў Нясвіжскай дзяцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Кацярыны Лабазы. Пасля гэтага з прывітальнымі словамі да тых, хто сабраўся перад уваходам у бібліятэку, звярнуліся дырэктар установы Аксана Рыжыкава і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Людміла Вітко.
Аксана Уладзіміраўна па добрай традыцыі адзначыла лепшых чытачоў бібліятэкі. Пераможцамі штогадовай акцыі “Лідар чытання” сталі Самзел Барсегян, Марыя Нялюбіна, Ваган Саакян, Арына Вярыга, Леанід Загаруй, Кацярына Скрыба, Іван Кузняцоў, Дар’я Васілевіч.
Былі адзначаны і бібліятэчныя актывісты Барыс Вятлугін, Алег Пракарына, Вольга Варэнік, Святлана Польская і іншыя пастаянныя чытачы і актыўныя ўдзельнікі сацыякультурных мерапрыемстваў, а таксама актыўныя ўдзельнікі мерапрыемстваў у рамках праектаў “Духоўнае слова” і “Парады з вуснаў несвіжан” Вячаслаў Высоцкі і Павел Усеня.
Напярэдадні акцыі “Бібліяноч-2022” быў аб’яўлены конкурс “Парад фантазій”, у якім прынялі ўдзел усе жадаючыя ад 10 да 35 гадоў, незалежна ад месца пражывання, роду заняткаў і захапленняў. Конкурс праходзіў у дзвюх намінацыях “New Super Hero” (“Новы Супер Герой”) і “Фантастычныя героі са старонак любімых кніг”. У гэты святочны вечар былі адзначаны аўтары лепшых работ. Імі сталі Вікторыя Матус, Ірына Крыварот, Аляксей Падамацька, Веста Касцюк, Алег Камянкоў.
Таксама з 29 сакавіка па 31 жніўня праводзіўся анлайн-конкурс “Бібліятэка ў кадры”. Яго удзельнікам мог быць любы жадаючы ад 9 да 35 гадоў. Тут перамаглі Веста Касцюк, бібліятэчны клуб Заазерскай сельскай бібліятэкі “Тэатр кнігі”, Дар’я Паўлючук і Ангеліна Філіпчык, Данііл Лукша, Павел Крыварот.
Асновай праграмы ў самой бібліятэцы стаў квэст “Свет фэнтэзі без межаў”, у рамках якога працавала некалькі станцый. Тут можна было ўбачыць, як пасля закрыцця бібліятэкі кнігі пачынаюць жыць сваім асаблівым жыццём, і крыху паназіраць за імі.
У канферэнц-зале бібліятэкі тым, хто любіць галаваломкі, парадоксы і перакруты абавязкова трэба было пабываць на станцыі “За люстэркам”. Разам з Алісай чытачы адправіліся ў падарожжа ў часе, поўнае нечаканасцей і яркіх адкрыццяў.
У чытальнай зале гасцей таксама чакаў сюрпрыз. У цёмным памяшканні гучала змрочная мелодыя, а пасярод пакоя за сталом сядзеў Дракула. Пасля сытнага абеду, дзе галоўнай стравай стаў таматны суп, гаспадар дома запрасіў усіх удзельнікаў у свой магічны замак. Адразу на ўваходзе іх чакалі гарбузы і “павуціна” з вялізнымі “павукамі”, а разам з імі паўсюль “лёталі кажаны”, вынырваючы то тут, то там з кавалкаў “павуцінавых” сінтэпона і марлі.
На пляцоўцы “Загадкі падзямелля” наведвальнікі сустрэліся з чараўніц- твам і вядзьмарствам. Каб разгадаць усе загадкі і таямніцы падзямелля, неабходна было пазнаёміцца з галоўнымі персанажамі: Вядзьмаркай цемры, Каралевай змей, Чарнакніжніцай і Ведзьмай Пераўвасаблення.
Урокі зеллеварэння, магіі, травалогіі, прадракання прайшлі на станцыі “Камора Ведзьмы”. Кожная ведзьма паказала сваё майстэрства. Падчас віктарыны, гульняў, конкурсаў юныя чытачы праявілі свае веды і кемлівасць. Гаспадыні вядзьмарскай хаткі прыгатавалі для сваіх гасцей шмат пачастункаў і запрашалі заходзіць да іх у госці.
Фае другога паверха ператварылася ў сапраўдную казку. Дзеці пагулялі ў гульні “Казачная вёска”, “Гэта ты, гэта я, гэта ўсе мае сябры”, а таксама прынялі ўдзел у займальных віктарынах і вясёлых конкурсах. Майстар-клас “Горад майстроў” правялі для наведвальнікаў Наталля Салаўёва, Ірына Таратута і Марына Ратнікава.
У квэсце спаборнічала некалькі каманд, якія прадстаўлялі школы горада і Нясвіжскі дзяржаўны каледж імя Якуба Коласа. У выніку перамагла каманда СШ №1 “Кніганошы”.
На заканчэнне гэтага цудоўнага вечара гасцей чакаў сюрпрыз — феерычнае светлавое шоу “Люстраныя людзі”, ад якога былі ў захапленні ўсе прысутныя.
Мерапрыемства атрымалася цікавым і захапляльным, казачным і чароўным, вясёлым і пазнавальным. Нам застаецца дадаць, што бібліятэка чакае ўсіх жыхароў горада не толькі ў святочную “Бібліяноч”, але і кожны дзень, акрамя панядзелка. Тут можна знайсці і добрую кнігу, і занятак па душы.
Сардэчна запрашаем!

Людміла ЯСЕВІЧ,
загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Нясвіжскай
цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы.

Источник: www.nesvizh-news.by

Отзывы


Nesvizh.by

16+
Яндекс.Метрика