Поиск:
Популярные новости
Активные темы форума
Погода в Несвиже
» Нязнойдзены клад

Нязнойдзены клад

Категория: ---31-07-2009, 13:50

Нязнойдзены кладВелізарныя багацці былі сабраны ў нясвіжскім замку. Асабліва вялікія памеры набылі яны ў канцы XVIII стагоддзя. Па словах У. Сыракомлі, сяляне плацілі за ўсё: за карыстанне зямлёй, за лес, за пчол, за рыб, а магчыма "і за само паветра".

Нясвіжскія магнаты маглі дазволіць сабе жыць у раскошы, валодаць выдатнымі творамі мастацтва, утрымліваць пышныя дварцовыя капэлы і тэатры, здзіўляць свет эксцэнтрычнымі выхадкамі.

 

Самай папулярнай легендай, якую расказваюць гасцям старажытнага Нясвіжа, з'яўляецца паданне аб велізарным кладзе, які налічваў 60 пудоў каштоўнасцей. Гэта была родавая скарбніца, якая папаўнялася на працягу многіх стагоддзяў. Уладальнікі не мелі права нічога з яе ні прадаць, ні аддаць у пасаг, ні вывезці з тэрыторыі Нясвіжа. Нават у грозныя гады ваенных нашэсцяў, вялікіх пажараў і нягод каштоўнасці павінны былі заставацца ў якім-небудзь тайніку, пра які ведаў толькі сам князь і яго давераны слуга. Гэтыя патаемныя сховішчы маглі размяшчацца ў адным з падземных хадоў - пра іх так многа гавораць у Нясвіжы. Кажуць, што пераходы ад замка і касцёла ішлі ў бок Міхальскай гары, дзе калісьці ўзвышаліся касцёл святога Міхала і манастыр, да старажытнага парка Альба.

 

Многія цікавяцца, што ўваходзіла ў гэту велізарную скарбніцу. Ці былі каштоўнасці на самой справе? Хто іх бачыў? Ёсць шмат пісьмовых сведчанняў аб існаванні незлічоных багаццяў нясвіжскіх Радзівілаў. Расійскі пасол князь М. В. Рапнін, які быў у складзе світы караля Станіслава Аўгуста, апошняга манарха Рэчы Паспалітай, пісаў у данясенні імператрыцы Кацярыне II: "Кароль заехаў да К. С. Радзівіла ў Нясвіж. Пасля бліскучага феерверку і абеду на 300 асоб кароль спусціўся ў падзямелле замка і ўбачыў залатыя зліткі, укладзеныя да самай столі. Золата было на сотні пудоў, мноства залатых рэчаў ды 12 апосталаў з гэтага металу і срэбра, усыпаныя каштоўнымі камянямі".

 

3 захапленнем пісаў аб скарбах Радзівілаў і міністр замежных спраў Расійскай імперыі А. Чартарыскі: "Багаты замак у Нясвіжы. У 18 залах адных толькі ўпрыгожанняў сабралася на 5 альбо 10 мільёнаў дукатаў. Каштоўныя калекцыі зброі, карцін, кніг, брыльянтаў. Але няма нічога даражэйшага, чым калекцыя "12 апосталаў", 5 з іх чыстага золата і ўсыпаныя каштоўнымі камянямі".

 

У дзевятым томе працы "Расія. Поўнае геаграфічнае апісанне нашай айчыны", які выдадзены ў Пецярбургу ў 1905 годзе, запісана: "Збераглося, між іншым, паданне, што тут (у Нясвіжы) былі схаваны велізарныя, масіўныя срэбраныя статуі дванаццаці апосталаў, багаты архіў, у якім зберагалася шмат пісьмаў еўрапейскіх манархаў, а таксама важныя дакументы па гісторыі Літвы, Польшчы. Акрамя таго, тут былі дыпломы, прывілеі, граматы, сапраўдны акт уніі і була папы Урбана XII. Куды ўсё гэта падзелася - невядома".

Другое пытанне - адкуль трапілі тыя унікальныя рэчы ў скарбніцу? Гісторыкі лічаць, што каштоўная калекцыя "12 апосталаў" магла прыбыць у Нясвіж з Канстанцінопаля ў пачатку XVII стагоддзя. Сярэбраны набор быў падораны Мікалаю Радзівілу Сіротку рымскім папам. Шмат што перадаў у Нясвіж польскі кароль Ян Сабескі, які атрымаў бліскучую перамогу над туркамі пад Венай і захапіў вялікі абоз з каштоўнасцямі. Многія экзатычныя рэчы з гэтай калекцыі выклікалі захапленне ў тых, каму пашанцавала іх бачыць. Выдзяляўся яшчэ стол на 12 асоб дзівоснай работы майстроў эпохі Адраджэння, паходжанне якога невядомае. Ул. Сыракомля жартаваў, што на ім Радзівілы падлічвалі свае мільённыя прыбыткі.

 

Рабаўнікі не аднойчы рабілі спробы захапіць скульптуры апосталаў. Гэта стала прычынай таго, што сапраўдныя статуі былі схаваны ў патаемным месцы, а ў Блакітнай зале замка стаялі па-майстэрску зробленыя копіі з воску, упрыгожаныя фальшывымі каштоўнымі камянямі. Неспрактыкаванаму воку цяжка было адрозніць падробку ад сапраўдных твораў мастацтва. Кажуць, што разам з апосталамі ў зале выставілі і васковыя фігуры тых рабаўнікоў, якія спрабавалі іх украсці. Гэта была першая ў свеце калекцыя васковых фігур і існавала яна намнога раней, чым знакамітая лонданская галерэя.

 

Асаблівай вядомасцю карысталася скарбніца ў другой палове XVIII стагоддзя ў часы Караля Станіслава Радзівіла. У літаратуры сустракаюцца звесткі аб тым, што насуперак катэгарычнай забароне вывозіць статуі з Нясвіжа Караль Станіслаў спрабаваў некаторыя з іх вазіць за сабой па Еўропе і нават іншы раз закладваў святога Луку ці Матвея, калі ў яго было туга з грашыма. Але ён заўсёды выкупаў гэтыя каштоўныя рэчы і ўрэшце рэшт прывёз іх назад у Нясвіж.

Пасля смерці Пане Каханку ўся агромністая спадчына перайшла да яго пляменніка Дамініка Радзівіла. Гэты апошні князь нясвіжскай лініі Радзівілаў быў на службе ў рускага імператара, але ў 1812 годзе ў час Айчыннай вайны з французамі ён перайшоў да Напалеона. Узяўшы з сабой 5000 уланаў, ён рушыў на Маскву. Як і Напалеона, яго чакалі бясслаўныя ўцёкі з палаючай сталіцы.

 

Пры маланкавым адступленні Дамінік з часткай людзей заехаў у замак толькі на некалькі гадзін. Ён павінен быў дамовіцца аб тайніку для скарбніцы, сакрэт якога ведалі толькі сам князь і ўпраўляючы. Дамінік вымушаны быў паспешліва ўцякаць у бок Вільні. Астатнія свае багацці, акрамя скарбніцы, ён распарадзіўся грузіць на фурманкі і пасылаць яму наўздагон. Але ўпраўляючы не паспеў выканаць апошняга загаду свайго гаспадара. У Нясвіж уступілі рускія войскі пад кіраўніцтвам адмірала Чычагава. Усё нагружанае на фурманкі пачалі адпраўляць у другі бок. Упраўляючы рызыкнуў толькі патаемна адправіць на кані ганца ў бок Вільні з запіскай, дзе паведамлялася, што скарбніца захавана, як і дамовіліся, а ўсё астатняе вывозіць Чычагаў. Ганца злавілі рускія афіцэры каля Міра і расстралялі за сувязь з ворагам, а запіску прывезлі ў Нясвіж. Тут хутка даведаліся, што яе пісаў упраўляючы. Але той не сказаў, дзе была схавана скарбніца, і быў павешаны ў двары замка. Другі знаўца тайны клада, сам князь, праз некаторы час быў смяртэльна паранены і памёр. 3 таго часу рабіліся шматлікія спробы знайсці скарбніцу, але поспеху яны не мелі. Ахвярай пошукаў у першую чаргу стаў цудоўны парк Альба. Ён увесь быў перакапаны.

 

Не аднойчы рабілі спробы знайсці скарб немцы - і ў першую, і ў другую сусветныя войны. У 1941-1944 гадах спецыяльная сапёрная рота шукала яго. Шмат каштоўных рэчаў было знойдзена і адпраўлена ў Германію, але галоўнай скарбніцы так і не знайшлі.

Трэба яшчэ адзначыць і той факт, што ў Нясвіжы знайшлі некаторую колькасць каштоўнасцей, якія ўваходзілі ў шырока вядомы спіс награбленай Напалеонам маёмасці. Можа, і астатнюю частку хавае нясвіжская зямля?
 
Крыніца: К.Я. Шышыгіна-Патоцкая, "Нясвіж і Радзівілы", Мінск: Беларусь, 2007. - 240 с.: іл.

Просмотров: 4169
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
Комментарии:

Информация

Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.
Авторизация
Аренда прицепа в Несвиже
Автор → rodden в новости → Сбор батареек
Автор → BY353 в новости → Сбор батареек
Автор → BY353 в новости → Сохраняя традиции
Автор → BY353 в новости → Ко Дню молодёжи!
Автор → victoriya83 в новости → Любителям искусства
Мы Вконтакте
Статистика