Поиск:
Популярные новости
Активные темы форума
Погода в Несвиже
» » Пра Нясвiж - у альбоме

Пра Нясвiж - у альбоме

Категория: Новости16-07-2011, 19:55

Пра Нясвiж - у альбомеЗусiм нядаўна з'явiўся ён на палiцах кнiгарняў альбом "Несвиж" ...мой маленький Париж!".
Канцэпцыя i фота — прызнанага фотамайстра нашай краiны Сяргея Плыткевiча, аўтар тэксту Анатоль Варава, дызайн выдання, што ў гэтым выпадку мае вялiкае значэнне, Тамары Мельянец. Дарогу ў свет альбому адкрыла мiнскае выдавецтва "РЫФТУР". Прывабiла мяне яшчэ i тое, што альбом прысвечаны памяцi "карпатлiвага збiральнiка нясвiжскай гiсторыi Клаўдзii Шышыгiнай-Патоцкай", якую я добра ведаў i высiлкi якой на нiве краязнаўства i гiсторыяпiсання сваёй малой радзiмы сапраўды захапляльныя i вынiковыя.

Напачатку пра трохi нязвыклую назву: "...мой маленький Париж!" Аказваецца, гэта словы адной з гаспадынь знакамiтага на ўвесь свет Нясвiжскага замка i вялiкiх абшараў далёка ад яго Марыi Дароты дэ Кастэлян. Разам са сваiм мужам Антонi Вiльгельмам (Фрыдэрыкам Вiльгельмам Фердынандам Антонi) Радзiвiлам яна ўпершыню прыехала ў Нясвiж у 1865 годзе. Хоць i за блiзкiм светам ад Парыжа апынулася французская маркiза, але зусiм не ў глушы. Наадварот, i багацце тутэйшае, i культурнае жыццё, i дзяржаўная гiсторыя замка сведчылi пра яго далучанасць да вялiкага свету, калi не цалкам да сусветнай, дык да еўрапейскай гiсторыi — дакладна. Таму i назвала яна ўжо цяпер свой Нясвiж маленькiм Парыжам. I не памылiлася. Нi яна, нi яе спадчыннiкi. Не памыляюцца i сённяшнiя наведнiкi Нясвiжа з усiх куткоў свету, калi спазнаюць таямнiцы i рэальнасцi гэтага гаспадарства некаранаваных каралёў Вялiкага Княства Лiтоўскага i Рэчы Паспалiтай.

I што, бадай, самае важнае, да разумення чаго спрычыняецца i гэты альбом, дык гэта тое, што ў кожнага наведнiка мацнее перакананнне, што не Iваны без роду i племенi беларусы, што не адно, а мо не столькi, лапцi сiмвал iхняга былога жыцця — не ў лапцях жа хадзiў па Празе i Падуi Францыск Скарына, не ў лапцях выправiўся выхоўваць царскiх дзяцей Сiмяон Полацкi, не праз лапцi атрымлiвалi свае мянушкi-прозвiшчы Радзiвiлы: Абаронца Правоў, Пярун, Пераможца, Лiтоўскi Геркулес... Лапцi — гэта, вядома, пераносны сэнс. Бо тое, што стварылi Радзiвiлы на беларускiх землях ва ўсiх галiнах чалавечай дзейнасцi, магло б скласцi славу любому прызнанаму еўрапейскаму гораду. Бадай, кожны з Радзiвiлаў пакiнуў пра сябе добрую памяць як у развiццi замка i горада, так i ў здзяйсненнi многiх дзяржаўных спраў. Тая ж Марыя Дарота дэ Кастэлян, словамi якой названы альбом, у ХIХ — пачатку ХХ стагоддзя была iнiцыятарам адраджэння былой славы i годнасцi замка, сабрала ў iм вялiкую бiблiятэку, упрыгожыла яго ваколiцы цэлым паркавым комплексам. А сярод Радзiвiлаўскiх мецэнатаў была i Магдалена
(у дзявоцтве Завiша), якая не шкадавала грошай для паспяховай дзейнасцi выдавецтва "Загляне сонца i ў наша аконца", Беларускага выдавецкага таварыства, газеты "Беларус", фiнансавала выданне першай кнiгi Максiма Багдановiча "Вянок".

Вядома, Нясвiж i Радзiвiлы — паняццi непадзельныя. Больш за чатыры стагоддзi Нясвiж, гэты маленькi Парыж, быў iхняй рэзiдэнцыяй, iхнiм домам, домам не ў сэнсе пражывання, а магутным еўрапейскiм домам магутнага i шанаванага роду. Альбом дае магчымасць убачыць сваiмi вачыма, адчуць сваiм сэрцам тое, пра што так шмат апошнiм часам гавораць гiсторыкi i даўно казалi дасведчаныя даследчыкi не адно нашай краiны. Сённяшнiя здымкi, многiя з якiх i здымкамi называць мо несправядлiва — бо гэта сапраўдныя маляўнiчыя палотны, рамантызаваныя карцiны, створаныя неабыякавай душой i пiльным позiркам аўтара Сяргея Плыткевiча, удала дапоўнены старымi здымкамi i паштоўкамi, у тым лiку са знанага збору Уладзiмiра Лiхадзедава.

Да здымкаў вялiкiх гiстарычных каштоўнасцяў Нясвiжа дадаецца значны фотапрыродапiс (а калi больш дакладна — асабiсты фотапогляд Сяргея Плыткевiча) вакольных мясцiн. Здымкаў шмат i вельмi цiкавых, па-мастацку выразных, што сапраўды чаруюць вока. Трэба быць удумлiвым мастаком, каб так удала спалучыць парадны партрэт i абстаноўку замка, непаўторны роспiс Фарнага касцёла i восеньскую альбо зiмовую задуменнасць паркавых алей i сцежак. Аднак i Сяргею Плыткевiчу, i дызайнеру Тамары Мельянец гэта ўдаецца. Альбом атрымаўся цiкавым, пазнавальным, iнфармацыйна насычаным i, што мо найгалоўнейшае, па-мастацку выразным i неабыякавым.

Дык цi можа застацца абыякавым як да сваёй гiсторыi наогул, так i да жыццёвых перыпетый аднаго са знаных магнацкiх родаў — роду Радзiвiлаў, чытач, зацiкаўлены турыст, неабыякавы грамадзянiн нашай краiны, якi ўсё больш i ўсё глыбей дапiнае да каранёў — сваiх, народа, нацыi? А гэткае самапазнанне — грунтоўна i надоўга ўмацоўвае i добрыя пачуццi, i шчырыя памкненнi, i жаданне годна прадоўжыць славутыя справы нашых папярэднiкаў, каб i нашы нашчадкi не заставалiся абыякавымi да той зямлi, на якой iм пашчасцiла жыць. Альбом "Несвиж" ...мой маленький Париж!" — карысны арыенцiр на гэтым важным i нязвыкла цяжкiм шляху самапазнання.

Анатоль БУТЭВIЧ, народжаны на зямлi нясвiжскай.
Газета «Звязда»

Просмотров: 5924
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
Комментарии:

Информация

Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.
Авторизация
Аренда прицепа в Несвиже
Автор → rodden в новости → Сбор батареек
Автор → BY353 в новости → Сбор батареек
Автор → BY353 в новости → Сохраняя традиции
Автор → BY353 в новости → Ко Дню молодёжи!
Автор → victoriya83 в новости → Любителям искусства
Мы Вконтакте
Статистика